Чатыры доўгія гады смела і самаахвярна біўся беларускі народ, каб не скарыцца нямецкім акупантам. Разам з людзьмі пакутаваў, але не здаваўся і лес — маўклівы сведка тых жудасных падзей. Яго і секлі, і палілі, і калечылі артылерыйскім агнём. Але ён выстаяў і даў прытулак тысячам народных мсціўцаў — партызан. Сярод такіх змагароў за свабоду Радзімы быў і Павел Адамавіч Канановіч, былы ляснік Вялічкавічскага лясніцтва ДЛГУ «Старобінскі лясгас».
Цёплым майскім днём ззяе ў вясновых фарбах вёска Вейна, што на Старобіншчыне. Вяскоўцы наводзяць парадак на прысядзібных участках, фарбуюць у вясёлыя жыццясцвярджальныя колеры хаты ды лавачкі — галоўнае месца вячорак мясцовых бабуль і дзядуль. Але ж галоўнае не ўзрост, а тое, з якім настроем ты сустракаеш і праводзіш свой дзень. Сярод аптымістаў таго пакалення і наш герой — Павел Адамавіч. Месяц таму ветэран сустрэў свой 90-гадовы юбілей. Здаецца, усё жыццё гэтага чалавека, як і большасці іншых яго аднагодкаў, — чарада выпрабаванняў, калі на самай справе праходзілі праверку смеласць і сумленнасць чалавека. Гэтай гісторыі магло б і не быць: паліцаі ўжо прыйшлі ў хату Канановічаў, расстралялі бацьку і рыхтаваліся ўсю моладзь забраць у Германію. Але чалавечы лёс расставіў усё інакш...
Павел Адамавіч нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Гоцк (цяпер аграгарадок у Салігорскім раёне). Сям’я жыла тады на хутары, бацькі мелі чатырох сыноў, трох дачок, добрую гаспадарку. Жылі не тужылі, сумленна працавалі і з надзеяй глядзелі ў будучыню. Выпрабаванні для маленькага Паўла пачаліся, як толькі надышоў час ісці ў школу. Тады Заходняя Беларусь была пад уладай Польшчы, і польскую «навуку» Павел Адамавіч запомніў на ўсё жыццё. — Вучыўся я вельмі добра. І часам да мяне заходзілі дзяўчаты з класа і спісвалі дамашнія заданні. Аднойчы гэта зразумеў наш настаўнік, польскі пан Пшэбушэўскі. Спачатку ён выклікаў да дошкі тых дзяўчат, даў ім тую ж задачу, якую я дома рашыў. Яны, зразумела, з ёй не справіліся. Пан паставіў дзяўчат на калені і даў кожнай трымаць перад сабой бервяно. Як толькі рукі ў іх замлелі і апусціліся, іх нагнаў удар жалезнай указкай. А вось Паўла, як галоўнага пакрывацеля, чакала пакаранне куды горшае. Настаўнік выклікаў яго да дошкі, загадаў рашыць заданне, а потым узяў рукі хлопчыка, вывярнуў пальцы і рассек адну далонь сваёй указкай. — Боль быў нясцерпны. Бацька, калі ўбачыў акрываўленую далонь, быў сам не свой ад гневу, хацеў ехаць у Лунінец да інспектара, адпомсціць за скалечанае дзіця, ды маці своечасова яго спыніла. А дзяўчаты тыя ўсё роўна прыходзілі спісваць. (Смяецца.) Так Павел Адамавіч скончыў чатыры класы польскай школы. Рускую мову, гаворыць, вывучыў ужо на фронце. Хлопца забраў да сябе сувязным камандзір партызанскага атрада Васіль Захаравіч Корж. — Ноччу да нас прыходзілі партызаны (мой дзядзька быў замам Каржа), а днём — паліцаі. Бацьку і яго брата расстралялі, а мяне ўратавалі партызаны. Спачатку пасылалі мяне з партызанамі ў Красную Слабаду, Першамайск на заданні. Адну з такіх небяспечных вылазак Павел Адамавіч памятае добра. У Краснай Слабадзе, дзе тады размяшчаўся штаб нямецкага камандавання, партызаны павінны былі захапіць і даставіць у Маскву да вышэйшага камандавання языка — нямецкага афіцэра. Дзеля гэтага трэба было амаль што голымі рукамі расправіцца з дванаццаццю добра ўзброенымі немцамі. — Мне далі фуфайку, ды такую рваную, што без слёз на мяне нельга было і глянуць. Наказалі ісці ў пэўную хату, сказаць, што я сірата, і папрасіць хлеба. Выходжу я на паварот — а там паліцэйскі стаіць. А на самай справе, як потым высветлілася, гэта быў сувязны партызан. Ён у той хаце дзеду з бабкай перадаваў навіны для партызан. І на гэты раз таксама перадаў са мной пасланне: «Назаўтра ў 11.00 павінен змяніцца пост у камендатуры», — успамінае Павел Адамавіч. У той дзень у нямецкага начальніка быў дзень нараджэння. Немцы спявалі песні, весяліліся, напэўна, гэта і дапамагло партызанам застаць іх знянацку і выканаць заданне. — Двух немцаў мы забралі, прывязалі іх да саней. Я што ёсць духу гнаў коней, каб хутчэй давезці іх да самалёта, ды, па праўдзе кажучы, было страшна знаходзіцца побач з нямецкімі катамі, — расказвае ветэран. За гады змагання ў лясах Старобіншчыны Павел Адамавіч вывучыў усю савецкую зброю — ад пісталета да кацюшы, а за палоннага нямецкага афіцэра атрымаў баявы медаль «За адвагу!». Калі рыхтавалася вызваленне Мінска, 900 хлопцаў з Пінскай вобласці адправілі ў бабруйскі стралковы атрад. Сярод іх быў і Павел Канановіч. — Мне далі карабін, паставілі мішэнь і загадалі страляць, дык я яе з ходу збіў. За гэта назначылі мяне прыцэльным майстрам. Перамогу юнак сустрэў каля Берліна. Усяго некалькі кіламетраў не дайшоў эшалон з Беларусі да нямецкай сталіцы. Пасля вайны Павел Канановіч яшчэ чатыры гады нюхаў порах у воінскай часці артылерыйскага палка ў Старых Дарогах. — Васіля Каржа назначылі пасля вайны на пасаду намесніка міністра лясной гаспадаркі, але доўга ён там не затрымаўся — вярнуўся назад падымаць родны калгас, аднаўляць Старобінскі раён. Тады ён і направіў мяне лесніком у Хорастаўскае лясніцтва. Выдалі мне ружжо, патроны і 9 кварталаў, ці 900 га леса. Потым я перайшоў у Вялічкавічскае лясніцтва, — расказвае ветэран. Стаж працы Паўла Адамавіча ў лясной гаспадарцы — 26 гадоў. Адразу ж пасля выхаду на пенсію ветэран пасадзіў у двары, каля хаты, елачку і зараз з гонарам паказвае, якое дрэва вырасла за гэтыя гады. Усяго ж за сваё жыццё Павел Адамавіч сам пасадзіў больш за 100 га лесу. У буфеце Паўла Адамавіча стаіць рамка з франтавымі фатаграфіямі і баявымі ўзнагародамі. Гэта дзеці ветэрана сабралі іх разам і ўклеілі пад шкло, каб захавалася геройскае мінулае іх бацькі, дзядулі і прадзядулі. — Тут і камандзір роты, і мае баявыя сябры. Даўно няма гэтых людзей, а памяць пра іх, паглядзіце, жыве. Вось і пра мяне будзе каму ўспомніць, угледзецца ў гэтыя здымкі.
Источник: lesgazeta.by